МЁРТВАЯ ГАЛАВА́ [Acherontia (Manduca) atropos],

матыль сям. бражнікаў. Пашыраны ў Афрыцы, Еўразіі. На Беларусі вельмі рэдкі, занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на бульбяных палях, прысядзібных участках.

Даўж. да 6 см, размах крылаў да 13 см. На пярэдняспінцы жоўты малюнак, падобны да чэрапа чалавека (адсюль назва). Брушка масіўнае. Вусені даўж. да 15 см, кормяцца пераважна лісцем паслёнавых раслін. Матылі кормяцца сокам дрэў, зрэдку мёдам. Пры раздражненні матыль, вусень і кукалка здольныя выдаваць гукі («піск»).

С.Л.Максімава.

Мёртвая галава: 1 — матыль; 2, 2а — вусені; 3 — кукалка.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)